творы:янка-сіпакоў:янка-сіпакоў-запрашэнне-ў-раніцу
Янка Сіпакоў — Запрашэнне ў раніцу
Там
Да хрусту ў галінах
Пацягваюцца спрасоння бярозкі
I атрасаюцца ад імху і лісця
Баравікі.
Там,
Паколаты яловымі лапкамі,
Выходзіць з лесу густы туман,
Якім накрываліся зайчаняты
Ноччу.
Там
Спрабуюць галасы птушкі
I настройваюць на вясёлую песню
Свае адсырэлыя за ноч
Жалейкі.
Там,
Нібы тварык твайго смяшлівага сына —
Ружовага ад палётаў у сне, —
Выглядвае, як з-пад коўдры,
з-за лініі гарызонта
Сонца.
Спяшайце
У ціхую раніцу гэткую
Усе, хто хоча пачуць,
Як, слізгануўшы па расіне, звініць
Першы промень.
Падобныя старонкі
творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-запрашэнне-ў-раніцу.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin