творы:янка-купала:янка-купала-сонцу
Янка Купала — Сонцу
Ой ты, маё сонца,
Як жа свеціш ясна!
Дзе ж было раней ты,
Як быў я няшчасны?
Як я ў малалецтве
Радасці не ведаў,
Як за мной пляліся
Бяда, гора следам.
Як бацьку хаваў я,
Выбітага з сілаў,
Як яго магілу
Паводка размыла.
Як ішоў маркотны,
Не знаўшы дарогі,
Абіваць з паклонам
Панскія парогі.
Як у адзіноцтве
Бадзяўся па свеце,
Як моладасць згібла
У самым расцвеце.
Ой ты, маё сонца,
Як жа свеціш ясна!
Дзе ж было раней ты,
Як быў я няшчасны?
1935
Падобныя старонкі
творы/янка-купала/янка-купала-сонцу.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin