Янка Журба — Каханне

Сад у кветкі прыбран,
Як нявеста, стаіць,

А над ім запаліліся зоры.

Мы з табою адны
Між вішнёвых галін,

Ў гэтым садзе – таемным прасторы.


Мы жадаем пачуць
Любы спеў салаўя,

Прыслухаемся к шопату ночы.

Я цалую цябе,
Ты галубка мая!

Любы мне твае карыя вочы.


Упіваемся шчасцем –
Каханнем з табой.

Паліліся дзівосныя трэлі:

Салавейка шчабеча
На ліпе густой,

Мары светлыя к нам наляцелі…


Ў гэту майскую ноч,
Што так памятна нам,

Летуценні аб шчасці збыліся.

Во і золак зірнуў –
Твае вочы ясней…

Промні сонца на нас паліліся.

1914

Крыніца: Журба Я. Мая песня: Вершы. – Мн.: Юнацтва, 1984. – 80 с.

Падобныя старонкі