творы:янка-журба:пастушок
Янка Журба — Пастушок
Сонца толькі што ўзышло,
Шле наўкол сваё святло.
Над палямі птушак хор:
Спевам поўніцца прастор.
Абуджаецца калгас,
Каб паспець на працу ў час.
Выйшаў з хаты пастушок
I зайграў ён у ражок:
«Тру-гу-гу-гу, тру-гу-гу!..
Добра будзе на лугу
Сёння статку пагуляць,
Роснай траўкі пашчыпаць».
I кароўкі ўміг яму
Адказалі: «Му-му-му!..
Будзем цэлы дзень гуляць,
Траўку смачную шчыпаць.
Там рачулка ўдаль бяжыць;
Мы ваду ў ёй будзем піць.
А як скончыцца дзянёк,
Сонца сядзе за лясок, –
У калгас мы вечарком
Прыйдзем з смачным малаком».
1922-1936
Падобныя старонкі
творы/янка-журба/пастушок.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin