Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:янка-брыль:міні-проза-ў-творчасці-янкі-брыля

Гэта старая версія дакумента!


Міні-проза ў творчасці Янкі Брыля

Янка Брыль — прызнаны майстар жанру мініяцюры ў сучаснай літаратуры. Мініяцюры — своеасаблівыя вершы ў прозе, таму што ў гэтых творах на фоне апавядальнай прозы шмат паэтычнага пачуцця, а змест лаканічна сціснуты, часам афарыстычны. Знаходзячыся на памежжы паэзіі і прозы, мініяцюра існуе на мяжы мастацка-вобразнага і навукова-лагічнага абагульненняў.
У 1965 годзе Янка Брыль выдаў першую кнігу мініяцюр «Жменя сонечных промняў», потым — «Вітраж», якія былі перакладзены на мовы многіх народаў свету. Мініяцюры складаюць і большую частку пазнейшых кніг пісьменніка: «Сёння і памяць», «Пішу, як жыву», Трохі пра вечнае«, Дзе скарб ваш», «На сцежцы дзеці», «Парастак» і інш.
Міні-проза Янкі Брыля цесна паяднана з яго творчай і жыццёвай біяграфіяй, часам яна нагадвае аўтарскія дзённікі і запісныя кніжкі. Пісьменнік нават даваў адпаведныя падзагалоўкі сваім публікацыям: «Запісы», «З лірычных запісаў», а то і проста «Лірычнае». Гэтыя запісы ўяўляюць роздум Янкі Брыля пра сэнс чалавечага жыцця, пра свет, пра паяднанасць людзей і народаў, пра спалучанасць душы чалавечай з навакольнай прыродай, як, напрыклад, «Трохі пра вечнае» ці «Загадка». Мініяцюры Янкі Брыля ўводзяць нас у свет дзейснай маралі, агульначалавечыя ідэалы ў яго мастацкай перадачы спалучаюцца з канкрэтным носьбітам — героем ці самім аўтарам — і тым самым актуалізуюцца.
У сваіх творах пісьменнік паслядоўна адстойвае права мастака заставацца самім сабой, гэта значыць, быць шчырым і паслядоўным, не паддаючыся модзе ці карыслівым спакусам. Адметнасцю прозы Янкі Брыля з'яўляецца выбар каларытных персанажаў, людзей, якія імкнуцца жыць больш свабодна і шырока, чым іх акружэнне. Свет прыроды ў творах празаіка не проста паэтызуецца, а, знаходзячыся на мяжы рэальнасці і казкі, хавае ў сабе таямніцу жыцця.
З творчасцю Янкі Брыля цесна спалучана паняцце лірычнай прозы. Лірыка — гэта род літаратуры, які існуе ў чыстым выглядзе побач з эпасам і драмай. Вызначальнай рысай лірыкі з'яўляецца тое, што яна заўсёды выяўляе жывое непасрэднае пачуццё, якое перажывае аўтар у дадзены момант. Гэта і выклікае больш суб'ектыўны (у параўнанні з эпасам і драмай) характар адлюстравання жыцця ў лірычным творы. У літаратуры ўжо даўно назіраецца парушэнне родавых меж: элементы эпаса і драмы пранікаюць у паэтычныя творы, а лірызм — у прозу. Яшчэ ў XIX стагоддзі І. Тургенеў пісаў славутыя вершы ў прозе, а ў XX стагоддзі мы знаходзім прыклады драматычных паэм («Сон на кургане» Янкі Купалы, «Хамуціус» Аркадзя Куляшова), вершы ў прозе Вацлава Ластоўскага і Алеся Разанава. Шырокае распаўсюджанне атрымала і лірычная проза: творы, у якіх суб'ектыўна-лірычнае пачуццё спалучана з драматызмам успрымання навакольнай рэчаіснасці, асвечана эпічнай мудрасцю асэнсавання. Лірычная проза ў сучаснай літаратуры прадстаўлена творамі такіх выдатных пісьменнікаў, як Янка Брыль, У. Сапаухін, Ю. Казакоў, Міхась Стральцоў і інш.

Падобныя старонкі

творы/янка-брыль/міні-проза-ў-творчасці-янкі-брыля.1755964466.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:54 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki