творы:юрась-свірка:юрась-свірка-мама-спіць
Юрась Свірка — Мама спіць...
Мама спіць.
У хаце ціха-ціха.
І за вокнамі таксама цішыня.
Мусіць, перастаў і вецер дыхаць,
Правады над дахам не звіняць.
Месяц вішняку нарэзаў вязку,
Доўга рэзаў, вышчарбіў лязо.
Мама спіць.
І з ёй заснулі казкі,
Пераказаныя тысячу разоў.
Я не знаю,
Што ёй будзе сніцца –
Можа, ніва, ранняя вясна,
Можа, пад ракітаю крыніца?
Толькі б не апошняя вайна…
Мама спіць.
Спі, мама, дыхай лёгка.
Падобныя старонкі
творы/юрась-свірка/юрась-свірка-мама-спіць.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin