творы:эдзі-агняцвет:эдзі-агняцвет-рабінка
Эдзі Агняцвет — Рабінка
Яна ў двары ля дрэў дарослых
Расці нядаўна пачала.
Яе здзіўлялі травы ў росах,
Сцяжынка, ластаўка, пчала.
Яе ж, маленькай і пахілай,
Амаль ніхто не прыкмячаў.
А мне была чамусьці мілай –
І паліваў, і даглядаў.
Лісточак востры, як з’явіўся,
Блізнят паклікаў за сабой…
Ля дрэўца мімаходзь спыніўся
Хлапец з мянушкаю Разбой.
Рабінку гнуў ён і калечыў!
Я гэта ўбачыў – сам не свой.
Паспеў ён крыкнуць:
«Ты, малеча!»
Я ж кінуўся ў кулачны бой.
І лупцаваў падлетка злога –
Цяпер ён дасць сабе зарок!
Я ростам меншы, ды нічога!
Ён напалохаўся і ўцёк.
Стаяла мілая рабінка,
Яна была жывой, жывой!
І, як удзячная дзяўчынка,
Мне ўсё ківала галавой.
Падобныя старонкі
творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-рабінка.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin