творы:уладзімір-дубоўка:уладзімір-дубоўка-i-гінулі-яны-за-косы-к
Уладзімір Дубоўка — I гінулі яны за косы Клеапатры...
…I гінулі яны за косы Клеапатры,
за вочы тыя, што не сняцца нават.
Да ног прыносілі, —
а неслі ўпарта, —
жыццё, свой лёс і славу…
…I гінулі яны у хваляванні лавы,
якую слаў, радзіў Везувій.
Апошні раз на мармуровых лавах
лавілі вуснаў лоскат, цень надзеі.
Затым з Пампеяй казкаю заснулі…
…I гінулі яны штодзённа і штогодна,
за ласкі шчырыя, хвілінныя, за ласкі…
Дарма, што з блудніцай нягоднай,
дарма, што многакраць, не першы.
I так ад Рыму да Аляскі…
1925
Падобныя старонкі
творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-i-гінулі-яны-за-косы-к.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin