творы:уладзімір-дубоўка:уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі
Уладзімір Дубоўка — Часіна ды з сокам рабіны...
Часіна ды з сокам рабіны,
качаеш мяне ў чарнобыллі.
На дзіды, на востры шыпшыннік
ці сэрца, ці дух мой узбілі.
Калышуцца скаргі і моўкнуць,
разносяцца разам пялёсткі.
Не хоча Ўладзімір Дубоўка
спяваць пад зазубраны лёскат.
Пачаў — хай канчаюць другія,
шляхі — адшукаю сабе я.
Загіну — няхай і загіну,
мне гімнамі будуць завеі.
1925
Падобныя старонкі
творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin