творы:уладзімір-дубоўка:уладзімір-дубоўка-ці-снег-ці-завея
Уладзімір Дубоўка — Ці снег, ці завея
Ці снег, ці завея,
ці золкі туман.
Таго не жалею,
таго, што няма.
Гады маладыя,
юнацкая кроў!
Агонь гіне дымам,
не прыйдзе ізноў.
Дык, арфы і цытры, –
гучней і гучней!
Хай вашыя рытмы
абудзяць людзей.
У вочах узрочных
фіялкі з расой.
Нашто укарочваць
спатканні з красой.
Мінула – надыдзе,
надыдзе – міне.
Ніколі не скрыўдзіць
прыгожы нас дзень.
Раз келіх наліты, –
жыццё – не віно, –
пакуль не дапіты,
не ўбачыш ты дно.
Ці снег, ці завея,
ці золкі туман.
Таго не жалею,
чаго не стрымаць.
1926
Крыніца: Дубоўка У. Выбраныя творы: у 2 т. Т. 1. Вершы. – Мінск: Беларусь, 1965. – 540 с.
Падобныя старонкі
творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-ці-снег-ці-завея.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin