творы:уладзімір-дубоўка:уладзімір-дубоўка-летуценнем-пройдзем-мы
Уладзімір Дубоўка — Летуценнем пройдзем мы над краем
Летуценнем пройдзем мы над краем
і загінем, быццам летуценне.
Для айчыны шчасце мы ствараем —
для свайго і новых пакаленняў.
З сэрцам чыстым і душой адкрытай,
услаўляючы каханне, дружбу,
пройдзем мы на працу і на бітву
крокам несупынным, крокам мужным.
Разам з моцнымі у думцы смелай
пракладаем шлях такі трывалы,
каб яго парушыць не пасмела
самая зацятая навала.
У змаганні многа нас загіне,
у змаганні за Камуну Свету.
Загалосіць вецер пры даліне,
месяц будзе паглядаць, як сведка.
А пакуль у жылах кроў іграе,
славім і каханне мы, і дружбу.
Летуценнем пройдзем мы над краем,
крокам несупыкным, крокам мужным…
1926
Падобныя старонкі
творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-летуценнем-пройдзем-мы.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin