Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:уладзімір-дубоўка:уладзімір-дубоўка-зацвітай-зара-на-небас

Уладзімір Дубоўка — Зацвітай, зара, на небасхіле

Зацвітай, зара, на небасхіле,
зараніца, закрасуй ты ружай!
Што на свеце роўнага па сіле
знойдзецца да шчырай дружбы?

Злосць людскую скнара хай збірае,
абыходзім подласць мы здалёку.
А вось радасць, што цвіце над краем,
у юнацкіх сэрцах не замоўкне.

Яна з воч свіціцца светла-сініх,
яна з воч свіціцца васільковых,
і ў вачах не згасне, не застыне,
адгукнецца ў задушэўных словах.

Зацвітай, зара, ў ліловых сценях —
пунсавеюць і яны паволі.
Калі сёння думкі ў летуценнях, —
не загаснуць у жыцці ніколі.

Закрасуй ты кветкай, зараніца,
над прасторам родным з небасхіла,
каб краса, ў пялёстках што ільсніцца,
нас праменнем ясным азарыла.

Маладосці сіла залатая
з зараніцаю красуе ружай.
Сэрцам шчырым мы яе вітаем,
мы яе з табой і любім, дружа.

1926

Падобныя старонкі

творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-зацвітай-зара-на-небас.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki