Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-дні

Сяргей Грахоўскі — Дні

Калі душу азмрочыць цень
Ці смутак затуманіць вочы,
Шкадуем мы ўчарашні дзень,
Вядомы з раніцы да ночы.

І цяжка зразумець, чаму
Мінулы цешыць, а не гэты,
Чаму улетку пра зіму,
А ўзімку думаем пра лета

І спадзяемся кожны раз,
Што прыйдзе новы дзень, як свята,
Але усё часцей да нас
За стратаю прыходзіць страта.

Мы смех і ранішні прамень
Цаніць адразу не умеем
І што шчаслівы сёння дзень –
Назаўтра толькі зразумеем.

1970

Крыніца: Грахоўскі С. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. І. Вершы [Аўт. прадм. В. Вітка]. – Мн.: Маст. літ., 1983. – 382 с.

творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-дні.txt · Апошнія змены: 2025/02/01 03:30 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki