Станіслаў Шушкевіч — Лясная калыханка

На бярозцы пры гасцінцы
Птушаняткі на галінцы.
Ну а ветрык, як знарок,
Хіліць голлейка набок.

Ах ты, ветрыку мой,
Птушаняткам дай спакой!
Люлі-люлі! Люлі-люлі!
Невялікія заснулі.

Лісце, збожжа, кветкі, травы
Кропіць дожджык неласкавы.
Сыпле, сыпле ад паўдня,
Мочыць бедных птушанят.

Ах ты, дожджыку мой,
Птушанятам дай спакой!
Невялікія заснулі.
Люлі-люлі! Люлі-люлі!

І кляночкі, і асіны,
І сасонкі, і яліны,
І рабіна, і дубок –
Зашумеў увесь лясок.

Ах, лясочак ты мой,
Птушанятам дай спакой!
Люлі-люлі! Люлі-люлі!
Невялікія заснулі.

Падобныя старонкі