Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-крушына:рыгор-крушына-пастараль

Рыгор Крушына — Пастараль

Згадка лашчыць далёкія дні.
Ціха ў лесе звіняць камары.
А на полі – сляпні, авадні…
У спякоце гараць папары.

Я на ўзлессі сядаю на пень,
Там мурашкі таўкуцца ў карчы.
Песня, хваляй гарачай успень
Захапленне маё, і крычы.

Мой запал не пагас, не патух –
Як паходню, вышэй падыму.
Чую – дзесьці спявае пастух,
Падпявае пастушка яму.

Згадка лашчыць далёкія дні.
Паліць сонца і джгаліць сляпень.
Але мілы прытулак радні,
Але родная ўсюды цвіцень.

Пугі ляск і рыканне кароў,
I ў паветры сухім – сырадой…
Зноў каханнем бунтуецца кроў,
Мае песні плывуць чарадой.

Падобныя старонкі

творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-пастараль.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki