Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-крушына:рыгор-крушына-белая-нявіннасць

Гэта старая версія дакумента!


Рыгор Крушына — Белая нявіннасць

Была вясна. Былі заручаны.
I каля весніцаў спатканні.
I ўсё было вязьмом закручана:
Пагляд, усмешка і прызнанні.

Язмін і дзеўчына. Нявінныя…
Салодка вохныя і ў белым.
Навошта гэтыя ўспаміны я
Спяваю часам агрубелым?

Навошта мучыцца пачуццямі
Высокіх чыстых парыванняў?
Маю душу закаламуцілі,
Звягае старасць на выгнанні.

Стаптаць прыгожае і добрае,
Сябе самога знеахвоціць.
Паўзе з закуцця, ўецца кобраю
Нянавісць, чорнае страхоцце.

I разяўляе пашчу шырака
I сык чуцён з багновай тхлані:
– Нам не патрэбна Ваша лірыка
Пра вёсны, кветкі і каханне…

Дармо! Спяваю і не слухаю
Пустых гамзатых лемантацый.
Хачу, падбіты завірухаю,
Часінку радасна смяяцца.

Пайду ў мой кветнік, абмінаючы
Балота, зараслі калючак.
Люблю я сонца, шыр і далечы,
Люблю я слова так балюча.

Яго шліфую, перасоўваю
3 радка ў радок дзеля парадку.
Ізноў гарыць півонь пунсовая,
Цвітуць настуркі, мак і браткі.

Із гэтых кветак водыр выстаяў,
Гаючы подых Беларусі.
Яна жыве, мая квяцістая,
У жалю матчыным, у скрусе.

Жаданы час надыйдзе. Здзейсніцца.
Хай не са мной, а з маім сынам.
Стаяцьме зноў ля родных весніцаў
Былая белая нявіннасць.

1955

Падобныя старонкі

творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-белая-нявіннасць.1755963866.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki