творы:рыгор-барадулін:рыгор-барадулін-мы-толькі-ходзім-па-зямл
Рыгор Барадулін — Мы толькі ходзім па зямлі...
Мы толькі ходзім па зямлі,
А думкі нашыя ў нябёсах.
I Млечны Шлях,
Як вечны посах,
Відзён з туманнай араллі,
Каб не забыўся напамін,
Што зоры –
Нашых мар радзіма.
I зорамі вачэй глядзім мы
На зорны пыл былых сцяжын.
Па зорах вызначаем лёс,
Па зорах на зямлі варожым.
I трызнім даўнім падарожжам,
Якім нізрынуты з нябёс.
Перабіраюць нашы дні
Для памяці
Ружанец зораў,
I незямнога смутку жораў
Нас кліча ў вырай вышыні.
Падобныя старонкі
творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-мы-толькі-ходзім-па-зямл.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin