Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-барадулін:рыгор-барадулін-год-ахвочы-да-прыгод

Рыгор Барадулін — Год ахвочы да прыгод

Год
Ахвочы да прыгод,
Круціць, кружыць карагод.
Пачынае пералік:
Студзень,
Люты,
Сакавік.
Студзень студзіць
Рунь густую.
Люты злосны,
Ён лютуе.
Сок пускае сакавік –
Да салодкага прывык.
Следам з краскай
Красавік,
І лясун і палявік.
Травень-май
Траву лагодзіць.
Чэрвень
З чырванню прыходзіць.
Ліпень
Ліпам цвет прыносіць.
Жнівень жне,
Атаву косіць.
Раіць
Верасень вясёлы:
Хай лятуць на ўзлесак
Пчолы.
Там не зябнуць
Ад расы,
Зацвітаюць верасы.
І кастрычнік не гуляе –
Клопату з ільном хапае.
Разлятаюцца кастрынкі,
Як халодныя іскрынкі.
Лістапад
Надвор’ем мглістым
Высцілае сцежкі
Лістам.
Снежань-лежань
Снег трасе.
Вось вам месяцы
І ўсе.
І нанова
Кожны год
Пачынае карагод.

Падобныя старонкі

творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-год-ахвочы-да-прыгод.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki