Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-барадулін:рыгор-барадулін-верасовачка

Рыгор Барадулін — Верасовачка

Іду, Лагчынка перасохлая
Ледзь папярхнулася расой.
Ці прымеш госця,
Верасовачка –
Дачка вясёлых верасоў?

Тут, помніш,
Нам ва ўсім паверыўшы,
Жылі суседзямі лясы.
Цвілі у бацы-сі вочы верасам
Ад слова ранішняга –

«сын».


Прыйшла пад хату грушка дзікая,
Ледзь я свой год другі сустрэў.
А ходзікі на сценцы цікалі,
І падалі дажджы са стрэх.

Тут, як у казцы, ў лядах восенню
Карову пасвіў кот Мірон,
Лісіца пеўня з дому зносіла
I вечар глух ад камароў.

Мяне купалі у ліповачках,
У бацькаў торкалі рукаў.
Калыску маладзік да поўначы
На вострых рожках калыхаў.

Ноч, як малога, хутар хутала
Аўчынай жнівеньскай імжы.
…А сёння грушына без хутара
Стаіць бабылкай на мяжы.

А сёння зацвіла ігрушына
За трыццаць год упершыню…
Чым гэта вока запарушана?
Хто там парушыў цішыню?..

Схіляю галаву з пашанаю,
Адсюль нясу ў трывожны шлях
На кожнай далані па жаўранку
I па хмурынцы

на плячах…

Падобныя старонкі

творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-верасовачка.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki