творы:рыгор-барадулін:рыгор-барадулін-арганаўты
Рыгор Барадулін — Арганаўты
Плылі спрадвеку пехатою.
Пагляды лашчыла руно
Жаданае і залатое —
Рунела рунь…
Сахі стырно
Трымалі моцна.
Заплывалі
За вечаровы небазвон.
Люлялі арганаўтаў
Хвалі
Перастаялых баразён.
Карэц каравай даланёю
Трымалі
Працы каралі.
Рабілі з небам іх раднёю
Крутыя крылы араллі.
У полі
Сеялася заўтра.
Кляліся небу перуном
Ушацкіх гоняў арганаўты.
Зямля рунела ім
Руном.
Падобныя старонкі
творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-арганаўты.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin