Раіса Баравікова — Апошняя сустрэча

Азвуцца хутка снегапады.
Пра іх ужо гамоняць ветры.
А мы з табой зіме не рады
у гэты вечар непрыветны.

У час апошняе сустрэчы
засланы вочы ціхім жалем,
пакутліва накрыла плечы
я пры табе пуховым шалем.

Глядзіш адчужана, зласліва –
я для цябе ужо чужая!
На санках снежаньскіх імкліва
да нас расстанне пад'язджае.

Адводжу позірк свой маўкліва
і час зацягваю упарта!
З табою не была шчаслівай,
а без цябе і жыць не варта!

Лягла на твар разлукі боязь,
ды пагляджу ніякавата…
І пакланюся нізка ў пояс,
нібыта ў нечым вінавата.

1978


Крыніца: Баравікова Р. Пад небам першага спаткання. Лірыка, – Мн.: Маст, літ., 1990, – 174 с.

Падобныя старонкі