творы:пятрусь-макаль:пятрусь-макаль-кніга
Пятрусь Макаль — Кніга
Бясследна нішто не міне,
Гісторыя слова адродзіць.
Ты – мост,
па якім да мяне
Мінуўшчына ў госці прыходзіць.
Мільгаюць старонкі твае –
I мы размаўляем з вякамі,
I продак да нас дастае
Радкамі, нібыта рукамі.
Учора і сёння –
Штодня –
У люты мароз і ў адлігу
Стварае людская радня
Жыцця непаўторную кнігу.
Мы пішам адменным пяром,
Што ўручана родным народам.
Пілот у нябёсах –
крылом,
Араты на полі –
нарогам.
Мы – словы такога пісьма,
Якое ў вяках не сатрэцца.
Ты – мост,
па якім нездарма
Іду я з патомкам сустрэцца.
Крыніца: Макаль П. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы; Драматычныя паэмы. -– Мн.: Маст. літ., 1982, - 271 с.
Падобныя старонкі
творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-кніга.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin