Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:пятрусь-макаль:пятрусь-макаль-поле-поле

Пятрусь Макаль — Поле, поле...

Поле, поле,
У сваім прыполе
Колькі цудаў ты прыносіш мне!
Да пары, як змагары ў падполлі,
Тояцца зярняты ў баразне.
У раллі вільготнай валаконцы
П’юць жывую сілу — сок зямны.
Час праб’е — і пікамі да сонца
3 цемрадзі праклюнуцца яны.
Выстаіць у полі войска хлеба —
Мускулістых каласоў атрад,
Хоць свае налёты робіць з неба
Бамбардзір цяжкі —
Грымотны град.
Навальніца ніву палівае,
I маланку-тэлеграму мне
Адбівае
Пошта палявая:
«Ураджай даспеў на цаліне».
Мы ўзышлі,
Нібы зярняты,
3 поля,
I ўпадзём ізноў у поле мы.
Поле,
У тваім замкнёным коле
Нашы душы, думы і дамы.
Сплю ў каменным сховішчы кватэры.
Але што там бухае, як цэп?
Хто так гулка стукаецца ў дзверы?
Гэта ты, пасланнік поля —
Хлеб.

Падобныя старонкі

творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-поле-поле.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki