творы:пятрусь-макаль:пятрусь-макаль-асенняе
Пятрусь Макаль — Асенняе
Расу на травы ніжа
Пад вечар цішыня.
А сонца ніжай, ніжай,
I халадней штодня.
Трапеча аблачынка
У белай чарадзе,
Як школьніца-дзяўчынка,
Што ў першы клас ідзе.
Рабіна заірдзела –
Нібы агнём цвіце,
Ды лета адляцела
У вырай на лісце.
Папрацавала лета –
Збірала дзень пры дні
У бэрах і ранетах
Скарбонкі цеплыні.
I нас цяпер, увосень,
Не спудзяць халады:
Як сонцы, мы падносім
Да губ сваіх плады.
Смяёмся мы шчасліва –
Да новых весніх дзён
Нас будзе грэць рупліва
Багаты летні плён.
Падобныя старонкі
творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-асенняе.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin