творы:пятрусь-броўка:пятрусь-броўка-сляды
Пятрусь Броўка — Сляды
Усё пакінуць след павінна,
Бо, як пачаўся белы свет,
Прамень,
пясчынка
і расіна
Нязменна пакідаюць след.
I птушка песняю сваёю,
I кропля, што імкне да рэк…
А колькі,
колькі за табою
Слядоў на свеце, чалавек!
Ва ўсім, што створана дагэтуль,
Твой творчы розум і рука –
След трактарыста,
след паэта,
Канструктара, будаўніка.
Але часы сатруць у гневе –
Бо сэрцы не кране ані –
I надпіс
ножыкам на дрэве,
I фарбаю – на камяні.
Вы выйшлі ўдалеч, маладыя,
Вам доўга крочыць праз гады.
Не забывайцеся ж,
якія
Вы пакідаеце сляды.
Падобныя старонкі
творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-сляды.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin