Зіма… І золкія завеі…
Дарогі снегам замяло.
Таполі ў наквеці сівеюць.
І нікнуць бомы за сялом.
Як здані, белыя бярозы
Да болю журацца ў прастор.
На іх узорныя марозы
Чароўны выткалі узор.
Нямая бель… Гаі… Дубровы…
Маўчаць за возерам стагі,
Згубілі вербы каляровасць,
А там… снягі… снягі…
снягі…
Які прастор… Ў прасторы іней…
Я сам не ведаю, чаму
Люблю заснежныя раўніны
І беларускую зіму!
Зіма!.. Зіма!.. Ў палях туманы…
Нервова плачуць палазы.
Бялеюць сонныя паляны
Ў завеях дзікае красы.