творы:ніл-гілевіч:ніл-гілевіч-цуд-тварыўся-я-праспаў
Ніл Гілевіч — Цуд тварыўся – я праспаў...
Цуд тварыўся – я праспаў:
Снег дасвеццем перапаў
Рана-рана.
І ляжыць ён на дварах,
На парканах, на дрывах –
Чысты-чысты.
Для гасцей абрус у нас
Сцелюць гэтакі якраз
Белы-белы.
Счараваў вяскоўцаў снег:
Хоць бы слова, крык ці смех, –
Ціха-ціха.
Моўчкі й я стаю ў цішы,
І так лёгка на душы,
Светла-светла…
1960
Падобныя старонкі
творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-цуд-тварыўся-я-праспаў.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin