Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ніл-гілевіч:ніл-гілевіч-сябры-ў-паходзе

Ніл Гілевіч — Сябры ў паходзе

Як выходзіла з двара
У дарогу дзетвара –
Брала яна рэчы,
Клала іх за плечы:

Грышка ўзяў палатку,
Цішка – коўдраў скатку,
Стась – тапор з рыдлёўкай,
Харч і посуд – Лёўка,
А сачкі з бляшанкай –
Акцябронак Янка.


Толькі выйшлі за сяло,
Цішку муліць пачало.
Стаў прасіць ён Грышку:
– Памажы, брат, крышку!

Цягне Грышка скатку,
Скатку і палатку,
Стась – тапор з рыдлёўкай,
Харч і посуд – Лёўка,
А сачкі з бляшанкай –
Акцябронак Янка.


I гадзіну не ішлі –
Стася колікі ўзялі.
Стаў прасіць ён Грышку:
– Памажы, брат, крышку!

Цягне Грышка скатку,
Скатку і палатку,
I тапор з рыдлёўкай,
Харч і посуд – Лёўка,
А сачкі з бляшанкай –
Акцябронак Янка.


Як мінулі вёрстаў пяць,
Стала сонца прыпякаць.
Просіць Лёўка Грышку:
– Памажы, брат, крышку!

Цягне Грышка скатку,
Скатку і палатку,
I тапор з рыдлёўкай,
I ўвесь клунак Лёўкаў,
А сачкі з бляшанкай –
Акцябронак Янка.


За гарой, дзе бор драмаў,
Раптам Янка закульгаў.
Стаў прасіць ён Грышку:
– Паднясі, брат, крышку!

Цягне Грышка скатку,
Скатку і палатку,
I тапор з рыдлёўкай,
I ўвесь клунак Лёўкаў,
I сачкі, й бляшанку,
I… самога Янку!


1962 г.

Падобныя старонкі

творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-сябры-ў-паходзе.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki