Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:міхась-кавыль:міхась-кавыль-ідзі-ідзі

Міхась Кавыль — Ідзі, ідзі...

Упала ноч.

Як эдэльвейсы, зоры

Цвітуць над Альпамі.

Аскепак-маладзік

У неба ўрэзаўся.

Блакітнае на горы

Імжыць святло.

А ты ідзі, ідзі…

Якая ноч!

Як у святыні, ціха

I урачыста.

На калені упадзі.

Вунь там агонь міргае…

Шчасце з ліхам

Кладуцца спаць…

А ты ідзі, ідзі…

Трывожыць ноч,

як смерці жах мінулы,

I прышласць мроіцца,

як недабіты дзік.

Нібы агонь,

няўсподзеў шуганула

Жаданне жыць.

Каб жыць,

ідзі, ідзі…

Канае ноч,

і зазвінелі зоры.

Прамень, як штых, бліснуў,

I маладзік

Збляднеў,

самлеў.

Ружовае на горы

імжыць святло.

А ты ідзі, ідзі…



1944-1952

Падобныя старонкі

творы/міхась-кавыль/міхась-кавыль-ідзі-ідзі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki