творы:мікола-чарняўскі:мікола-чарняўскі-сонейка-ўзышло
Мікола Чарняўскі — Сонейка ўзышло
Быццам хто рассыпаў залацінкі
На траву, на дрэвы, на сяло.
Заблішчалі радасна расінкі –
Залатое сонейка ўзышло.
Зніклі цені ў патаемных сховах,
Разлілося далеччу святло.
Птушкі прабудзіліся ў дубровах –
Залатое сонейка ўзышло.
Ажыла прырода, заспявала,
Зноў адчуўшы ласку і цяпло.
Сінява яшчэ сінейшай стала –
Залатое сонейка ўзышло.
Бераг сонны ў хвалі акунуўся,
Цішыню як ветрыкам змяло.
Колас абраселы страпянуўся –
Залатое сонейка ўзышло.
Яблык бок яшчэ не загарэлы
Сонейку падставіў, каб пякло.
Лазнякі развесілі арэлі –
Залатое сонейка ўзышло.
Ад травінкі да сасны вячыстай
Ажыло ўсё раптам, расцвіло.
Ранак усміхнуўся прамяніста –
Залатое сонейка ўзышло.
Падобныя старонкі
творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-сонейка-ўзышло.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin