Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:мікола-чарняўскі:мікола-чарняўскі-вясёлы-крос

Мікола Чарняўскі — Вясёлы крос

Вясёлкай
Снег іскрыцца,
Пашчыпвае мароз.
Ля школы
Свята быццам, –
У нас
Вясёлы крос.

Хоць ростам я не ўдаўся,
Хоць я не хлопец-зух,
Ды ўсё-ткі
Не паддамся –
Мы з Тузікам удвух!

Даюцца цяжка старты,
А фінішы – ўдвая!
Не, лыжны крос –
Не жарты:
Няўжо апошні я?

Я ходу не збаўляю,
Ды на душы адчай:
Няўжо сябрам
Прайграю?
– Гэй, Тузік, выручай!

А Тузік скеміў, бачу,
Наперад – скок:
«Браток,
Хапайся, як за ўдачу,
Хутчэй
За павадок!..»

Мы рады: не прысталі –
Вітаюць нас гурбой!
Мы ўдвух
На п’едэстале –
І я,
І сябра мой!

Важаты
У гуморы быў,
Калі ўручаў мне прыз:
– А ты прыдумаў здорава,
Не схібіў,
Не раскіс!

Ты недарма,
Адзначу,
Вясёлы выйграў крос:
І стаў дужэйшым,
Бачу,
І крышачку –
Падрос!

Падобныя старонкі

творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-вясёлы-крос.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki