творы:мікола-чарняўскі:мікола-чарняўскі-аб-чым-пяе-крынічка
Мікола Чарняўскі — Аб чым пяе крынічка
І хмарным вечарам, і ўранні –
Заўжды, як срэбра, плынь мая.
Хто замаркоціцца, прыстане, –
З глытком вады
Дам сілу я.
Журчу, жвірком шуршу, вірую –
Такі мой лёс,
Такі мой плёс.
Дзе чысціню сваю бяру я?
У рос,
У зорак,
У нябёс.
Здалёк чуваць мой спеў вясёлы,
Ён звонкі ў спёку і ў мароз.
Дзе я бяру свой спеў, свой голас?
У траў,
У птушак,
У бяроз.
З глыбінь да сонца шлях прабіла,
Каб рады людзі мне былі.
Дзе я ўзяла такую сілу?
У роднай матухны-зямлі.
Жыць буду я, бо я – крыніца!
Квітнець зямлі,
Рунець вясне!
Бяру я сілу –
У зямліцы,
Зямля ж і людзі –
У мяне!..
Падобныя старонкі
творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-аб-чым-пяе-крынічка.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin