Максім Багдановіч — Санет (Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...)

Ахвярую А. Пагодзіну

Un sonnet défaut vaut
seul un long poéme.
Boiteau*

(* Беззаганны санет варты
адзін цэлай паэмы.
Буало)


Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршку насення жменю там знайшлі.

Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася, і буйна ўскаласіла
Парой вясенняй збожжа на раллі.

Вось сімвал твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засне,

А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.

Падобныя старонкі