Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ларыса-геніюш:ларыса-геніюш-беларусы-ідуць-хлеб-свой-ж

Ларыса Геніюш — Беларусы ідуць, хлеб свой жытні нясуць...

Беларусы ідуць, хлеб свой жытні нясуць,
на ручнік палажыўшы ўрачыста.
Хлеб – як сонца ў руках, бохан хлебам прапах,
а ручнік, як іх сэрца – прачысты.

Хлеб і соль праз вякі, ўсклаўшы на ручнікі,
добрым людзям насустрач выносім.
Ўнукі сейбітаў мы, хлебаробаў сыны,
з працы мы, з чалавечых адносін.

Яшчэ большы ёсць скарб – стары песенны Край,
наша мова, што сэрца кранае,
гэты голас зямлі мы ад продкаў ўзялі
і нашчадкам яго захаваем.

Хлеб і соль, хлеб і соль праз цярпенні і боль
нёс народ наш рукамі ад плуга.
Тым, хто мову кране, нашу душу прыгне,
мы адплацім паводле заслугаў.

Плуг ў музеі спачыў, сёння іншы пачын
Беларуса па свеце праславіў.
Ўмеем жыць і тварыць, ўмеем Край бараніць,
а сяброў стрэнем хлебам ласкава.

Падобныя старонкі

творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-беларусы-ідуць-хлеб-свой-ж.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki