Сонейка ты, залатое!
Колькі цёмных, сумных дзён
Мы чакалі, дарагое,
У нашых хатках ля акон
Тваіх ясных цёплых косак,
Твае ласкі і пяшчот,
Што збудзілі б жыццё вёсак,
Поле, траўку, лес, чарот…
Разбудзілі б птушак хоры,
Жаб зялёных грамаду;
Растапілі б снегу горы,
Адагрэлі б і ваду…
І прыйшоў вось час жаданы:
Рады мы вясну сустрэць,
Просім сонца край каханы
Абудзіць і абагрэць.