Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:еўдакія-лось:еўдакія-лось-сакавік

Еўдакія Лось — Сакавік

Абуджаюцца зямныя сокі,
Бродзяць хмелем п’яным, маладым.
На палях з праталін чарнавокіх
Ўецца туманоў бялявы дым.

Набіраюць сілу-моц рачулкі,
Каб пабегчы хутка як адна.
На палеткі, бальшакі, ў завулкі
Маладая сочыцца вясна…

Забывае дома рукавіцы
Муляр, на будоўлю ідучы…
Хутка загарацца бліскавіцы
I дажджы зашэпчуць уначы.

Хутка над зялёнаю прысадай
Прагучыць зязюльчына «ку-ку!».
Абудзіўся свет.
Я вельмі рада,
Што радзілася ў сакавіку!

1957

Падобныя старонкі

творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-сакавік.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki