Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:генадзь-бураўкін:генадзь-бураўкін-хто-раней

Генадзь Бураўкін — Хто раней...

Хто раней,

хто пазней,

Толькі ўсе
Зноў і зноў
Мы прыходзім
Да простых,

як хлеб і паветра,

Высноў:
Што жыццё чалавеку –
Любому –
Даецца адно,
I што,

як ні надточвай,

Кароткае вельмі яно,
I што праўда на свеце
Адна –
Без крупінкі маны,
I што шчасця на свеце
Няма
Без сваёй стараны…
Колькі б ты ні мудрыў,
Як ні кідаўся б ты,
А прыходзіш
Да гэтай святой прастаты.
I ўзыходзяць
Над лесам
Пражытых табою гадоў
Непагасныя зоркі
Законаў бацькоў і дзядоў.
Прарастаюць зярняты
Яшчэ невядомых навук
На шырокіх далонях
Натруджаных рук.
I нідзе
Не схавацца
Ад сынавых ясных вачэй.
I на свеце тады
Жыць намнога цяжэй
I лягчэй.

1968

Падобныя старонкі

творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-хто-раней.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki