Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:генадзь-бураўкін:генадзь-бураўкін-полаччына

Генадзь Бураўкін — Полаччына

Не шукайце красы за морамі,
Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі, –
Прыязджайце да нас на Полаччыну,
Пахадзіце яе прасторамі.

Тут азёры, як неба, сінія,
У чаротах чароды гусіныя,
А на дне Млечным Шляхам свецяцца
Трапяткія гурты язіныя.

Навальніцы грымяць над кручамі,
З гор бягуць ручаі грымучыя,
Тут ля Дрысы сасонкі звонкія,
Над Дзвіною бары пявучыя.

Тут вясёлкай сонца акружана,
Усміхаецца з кожнай лужыны,
Тут на кожнага закаханага
Салаўёў па чатыры тузіны.

Тут дзяўчаты ўсе – чарнабровыя,
На палях ільны двухметровыя…
Тут пад кожным курганам і каменем –
Ці быліна, ці казка чароўная…

Дык навошта шукаць за морамі
Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі? –
Прыязджайце да нас на Полаччыну,
Пахадзіце яе прасторамі!..

1956

Падобныя старонкі

творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-полаччына.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki