творы:генадзь-бураўкін:генадзь-бураўкін-не-ўгонішся-ніяк-за-час
Генадзь Бураўкін — Не ўгонішся ніяк за часам...
Не ўгонішся ніяк за часам
Ні цягніком,
Ні на кані.
Зноў разбрыліся самапасам
Табе адведзеныя дні.
За ўсім адразу не паспееш,
Жыццё, як воблачка, сплыве.
I валасоў, брат, не пасееш
На аблыселай галаве.
I шчасця хітрую жар-птушку
Не зловіш за агністы хвост,
Як ні прыладжвай ёй кармушку,
Як ні бяжы за ёй наўпрост…
Усё будзённей і звычайней,
Усё прасцей і весялей.
Не варта кідацца ў адчаі,
Калі ты сёння не ў сядле.
Жыві сваёй галоўнай працай.
Трымайся даўніх добрых вех…
А што за часам нам не ўгнацца,
Дык гэта ўжо такі наш век…
1969
Падобныя старонкі
творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-не-ўгонішся-ніяк-за-час.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin