Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:генадзь-бураўкін:генадзь-бураўкін-куды-б-толькі-ты-ні-пай

Генадзь Бураўкін — Куды б толькі ты ні пайшоў...

Куды б толькі ты ні пайшоў,
Сустрэне прырода жывая:
Бясконцы шнурок мурашоў
Са сцежкаю сцежку сшывае;
Разважлівы хітры павук
Свой нерат пляце штохвіліны;
Як доктар пушчанскіх навук
Выстуквае дзяцел хваіны;
За колкім ажынным кустом
Сарока падскоквае вёртка;
З распушаным рыжым хвастом
Між сосен мільгае вавёрка;
Кузюркі кішаць у траве;
Цікуюць буслы за вужамі…
Усё, што жывое, –
Жыве,
Цябе быццам не заўважае.

Не стой жа нядбайна адзін –
З усімі ў суседстве і згодзе
І ты сабе мудра знайдзі
Занятак і месца ў прыродзе…

1999

Падобныя старонкі

творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-куды-б-толькі-ты-ні-пай.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki