творы:віктар-гардзей:віктар-гардзей-жнівень
Віктар Гардзей — Жнівень
Год багаты, умалотны.
Пахне жытам і раллёй.
Жнівень белыя палотны
Рассцілае над зямлёй.
У тумане на балоце
Пратрубілі журавы.
Гай стаіць у пазалоце,
Парыжэлі паплавы.
Над лясамі, над лугамі
Праплыве гусіны клін.
Не змываецца дажджамі
Чырвань яркая з калін.
На хмурынцы гром паехаў
Міма сосен і дубоў.
Многа яблык і арэхаў,
Многа ягад і грыбоў.
Пазбіраюць людзі дбайна
Лета шчодрыя дары.
Сціхлі на палях камбайны –
загудзелі трактары.
За асінкай, за вярбою
Восень – рыжаю лісой.
Пахне жытам і раллёю
Перад новаю сяўбой.
Падобныя старонкі
творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-жнівень.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin