Вера Вярба — Ручай і ялінка

– Ялінка-ялінка,
пра што ты шапочаш?
Аб чым ты сумуеш,
сказаць нешта хочаш?

Дзень сёння пагожы,
снег выпаў так рана,
стаіш ты прыгожа
і светла прыбрана.

– Я ўспомніла лета:
пад хвояй імглістай
на сонцы іскрыўся
ручай серабрысты.

Ён быў, як званочак,
адзіны ў лесе,
і днём і ўночы
спяваў сваю песню.

Ды песня замоўкла,
як сцюжа настала,
і ў лесе самотна
і холадна стала.

Падобныя старонкі