Вядома, Макаёнак-сатырык не быў прынцыповым непрыхільнікам калгаснага ладу або сацыялістычнага гаспадарання. Ён умеў заўважаць заганы там, дзе яны былі, дабіраўся да іх карэнняў з дапамогай сатыры, а сатыра - зброя вострая, з глыбокай ступенню пранікнення ў з'явы. Бывае, што сатырычны твор аказваецца шырэйшым па сваім змесце за намеры яго аўтара. Праблемы, якія Макаёнак-драматург даследаваў у творах на «калгасную» тэму, актуальныя і сёння, калі неабходны канструктыўныя змены ва ўсёй сістэме гаспадарання.
Ёсць элемент прадбачання і ў адной з самых жыццярадасных п'ес драматурга - «Лявоніха на арбіце». «Радасны твор» - такую характарыстыку даў камедыі крытык Г. Колас. Ён пісаў: «…Лявоніха» - пра радасць. Дзеля радасці! Ад радасці. Прыроду гэтай радасці мы зразумелі, параўнаўшы атмасферу на спектаклі "Выбачайце, калі ласка!", (дзе калгаснікі здымалі старшыню - сапраўднага) і на «Лявонісе» - занатаваную фатографам. Сам селянін стаў іншы. Ён - павесялеў! І драматург у выбары сюжэта арыентаваўся на павесялелага калгасніка. Ён адчуваў, што вадэвільная «лухта» Лявона - Лушкі - Клавы на такім павесялелым гледачы пакоціцца, як зваранае «кока» на святым ігрышчы: чытачу - пацеха! На рыбалку з вудамі! У тонкія пачуцці ўслед за Эмай Бавары! Няхай яна - як ляля, дык і мы ж таксама ўжо - не галавешкі: на арбіце!«
П'еса з'явілася ў атмасферы грамадскага ўздыму пасля выкрыцця культу асобы. Была прынята Праграма КПСС, у якой абяцалі хуткі і непазбежны камунізм, і быў здзейснены першы палёт чалавека ў космас. У Андрэя Макаёнка былі падставы для напісання «адпаведнай» часу камедыі, у якой віруе пераможны, нібыта бясхмарны смех.
У п'есе нямала вадэвільных эпізодаў: пошук злодзея, які краў калгаснае сена, з дапамогай забытай ім каля стога дзяружкі; «эмансіпаваная» Лявоніха чытае ўслых рызыкоўную мясціну з Флабэра; спробы суседкі Клавы спакусіць чужога мужа… Лявон аказваецца нібы ў аблозе: «перадавая» жонка рвецца ў дэпутаты, адмаўляецца даглядаць карову, як «перажытак уласніцтва», да таго ж і начальства, калгаснае і раённае, дзяўбе… Ды і аўтар «падстаўляе» свайго героя: паказвае яго за крадзяжом калгаснага сена.
Здаецца, усе і ўсё супраць «антыгероя», і вось-вось рухне яго «рагаты бастыён» - апошняя перашкода на шляху да камунізму…
Але і гэты твор атрымаўся з хітрынкай: у ім адчуваецца і аўтарская сімпатыя да абаронцы «рагатага бастыёну», і пэўнае апраўданне яго. У падтэксце твора прыхавана пытанне: «А ці спыталі вы ў таго, каго называеце ўласнікам і «перажыткам», ці так ужо хоча, ці рвецца ён у незнаёмы для яго камунізм?» Выяўляюцца рысы беларуса - «Хомкі нявернага», як казаў Максім Гарэцкі: яму трэба папрыглядацца, што ўяўляе сабой гэта незнаёмае, «з чым яго ядуць».
У спрэчцы, якую Лявон вядзе з сваімі блізкімі, ён выказваецца пераканаўча:
Л я в о н. …(Па-філасофску.) Што такое карова?
М а к с і м (пасля паўзы). Сенаспажывец.
Л у ш к а. Ну-у… малако… смятана…
К л а в а. Масла…
Л я в о н (з пагардай). Бабскі розум. А вось ён разумее. (Паказаў на старшыню.) Таму і такі прыцэл бярэ… Карова - гэта мая свабода, мая эканамічная незалежнасць. Гэта - мой бастыён, мой дот! Расшыфроўваю: «долговременная оборонительная точка».
М і х а л. Ад каго ж вы будзеце бараніцца ў сваім рагатым бастыёне?
Б у й к е в і ч. Хіба не ясна? Ад камунізма.
Л я в о н. Што вы за людзі? Ну чаго спяшаецеся? Што вы мяне гоніце? Дайце агледзецца! А то што ні дзень, то ўсё разгублена) новае… (з абурэннем) новае… (са злосцю) новае!!! Жыву, як на палубе карабля: то туды гайдане, то сюды. Няўстойліва на нагах стаю. Дайце мне прыспасобіцца.
Пройдзе не так шмат часу і «кансерватызм» Лявона будзе выглядаць здаровай сялянскай логікай. А публіцыстыка раней за мастацкую літаратуру гаварыць пра страту пачуцця гаспадара, пра ўласніцтва як здаровае пачуццё селяніна, які працуе на сваёй зямлі.