творы:анатоль-грачанікаў:анатоль-грачанікаў-каля-помніка-партызан
Анатоль Грачанікаў — Каля помніка партызанскай славы «Прарыў»
Помніць
Беларуская зямля,
Помняць
Змагары яе –
Героі:
Блакадная,
Смяротная пятля
Усё тужэй
Сціскала ўсё
Жывое.
Гучыць дагэтуль
Вокліч:
– На прарыў!
Ні чалавеку не забыць,
Ні дрэву,
Як партызанскі край
Загаварыў
З чужынцамі
На грознай мове
Гневу.
Ля помніка
Спыніся,
Дружа,
Тут,
Дзе партызан
Зрабіў рывок
Апошні,
Каб наш народ
Не ведаў больш
Пакут,
Каб назаўсёды
Шчасце меў
З нас кожны.
Падобныя старонкі
творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-каля-помніка-партызан.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin