Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:анатоль-грачанікаў:анатоль-грачанікаў-зоры-спяваюць

Анатоль Грачанікаў — Зоры спяваюць

1

Палохае мяне гадзіннік пясочны,
Стрэлка секундная,
Дванаццаты ўдар апоўначы,
Тэлефонны званок сярод ночы.
Выгнаннікам адчуваю сябе
У натоўпе вялізным
І кожнаму стрэчнаму рады
Дзе-небудзь у лесе ці ў полі.

2

Яшчэ ўчора, табой аблашчаны,
Меў я крылы, і зоркі, і неба,
Меў цябе і сонца.
Птушкі адляцелі ў вырай.
Хмары пахмурныя вяшчуюць ноч.
…Як цяжка быць вязнем
Сваіх успамінаў!

3

Адпачнём з дарогі.
Дойдзем толькі
Вунь да таго ўзгорка,
Што падпірае зорнае неба.
Распалім касцёр –
Хай пагрэюцца зоркі.
Самую сквалчэлую, як птушанятка,
За пазухай адагрэю.

4

Чуеш, спяваюць зоры,
Якія дзіўныя галасы
У гэтым нябесным хоры!
Журлівыя, светла-звонкія,
Натомленыя, як дзіцячыя, – тонкія.
Самотныя, бесклапотныя,
Радасныя, гаротныя.
Чуеш, спяваюць зоры.
Якія дзіўныя галасы
У гэтым нябесным хоры!

5

Крылы свае адагрэўшы на ўзгорку,
Як дзікія галубы, пырхнулі зоркі.
Пырхнулі зоркі і ў небе расталі,
А нашу журбу з сабою не ўзялі.
Пойдзем, каханая, сцежкай надрэчнаю,
Недзе пад вечар нагонім зоры.
Пойдзем, каханая, першаму стрэчнаму
Скажам: «Дзень добры!»

Падобныя старонкі

творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-зоры-спяваюць.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki