Сябравалі
Змалку ўтрох:
Дзіма,
Яша
І Цімох.
Праўда
Ў прымаўцы гучыць:
Іх вадою
Не разліць!
Пройдзе лета.
Прыйдзе час –
Пойдуць дзеці
Ў першы клас.
Толькі
Як рашыць задачу?
Кожны хлопчык
Ледзь не плача.
Ходзяць
Чуткі ўжо наўкруг:
Там усе
Сядзяць па двух.
Калі сядуць
Дзіма,
Яша –
Што Цімох
Пра гэта скажа?
Калі –
Дзіма
І Цімох –
Яша б сам
Сядзець не змог.
А з Цімохам
Сядзе Яша –
Дзіма
Што пра гэта
Скажа?
Словам,
Як ты ні круці,
Цяжка выхад
Ім знайсці.
Не сумуйце,
Дружбакі!
Верце,
Гэты час настане,
Калі першы клас
Такім,
Як вы самі,
Дружным стане!