творы:анатоль-грачанікаў:анатоль-грачанікаў-бацькоўскі-парог
Анатоль Грачанікаў — Бацькоўскі парог
Чакае нас
Мноства дарог.
Нас вабяць
І далі, і высі.
Але на бацькоўскі
Парог
Абавязкова
Вярніся.
Каб сэрцам
Глыбока адчуць,
Як водар
Нясуць медуніцы,
Як сосны
Над кручай гудуць,
Як звоняць
Світальна крыніцы.
Асядзе
Туман спакваля
Крыштальнаю
Чыстай расою.
І дыхае ціха зямля.
Заўсёды
Ёй быць маладою!
Усё,
Што народ наш
Стварыў,
Аберагаць мы
Павінны:
І песню ўраджайную
Ніў,
І мірнае неба
Айчыны.
Чакае нас
Мноства дарог.
Нас вабяць
І далі, і высі.
Але
На бацькоўскі
Парог
Абавязкова
Вярніся.
Падобныя старонкі
творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-бацькоўскі-парог.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin