Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:анатоль-вялюгін:анатоль-вялюгін-летнік

Анатоль Вялюгін — Летнік

Скочыць палахліва
з-пад калёсаў заяц,
забубніць над грывай
у падлеску заедзь.

Не трашчы,

сарока, –

возчык не паверне:
на лугах шырока
размахнуўся чэрвень.

Люты чмель віецца
над чупрынай русай.
Шлях паўзе пад вецце
ў сеннай пацярусе.

Апаўдні шчаслівы,
пачарнелы, потны
сенакос з абрыву
бухне ў вір дрымотны.

Зарагоча нема,
сонцам паліваны.
Аблачынка з неба
на ручнік сарвана.

Эх, дарога лета,
ціхі крон тумана…
Колькі песень спета
і недаспявана!

Там, дзе ў лузе з любай
мёд пілі чмяліны,
закусілі губы
да крыві каліны.

Луг – стаптаны кветнік –
пасівеў, завяўшы:
снег ляціць на летнік
і на песні нашы.

1959



Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с.

Падобныя старонкі

творы/анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-летнік.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki