Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:анатоль-вялюгін:анатоль-вялюгін-лета

Анатоль Вялюгін — Лета

Паглядзі з гары, дзе ў поўдзень ясны
ад спякоты млеюць саснякі –
бліснуць цёплыя пяскі,

як дзясны

абмялелае ракі.

Перакаты плыткія іскрацца
вогненнымі дыскамі святла.
Жоўты рай, дрымотны рай акацый
паланіла рупная пчала.

I бальшак, і лес – усё спавіта
душнаю зялёнаю смугой:
гэтак хораша красуе жыта,
сонца засланяючы сабой.

Астравок шыпшыны ў ціхім полі
пахавалі хвалі збажыны.
Крыламі махаючы паволі,
над зямлёй павіслі каршуны.

Адвячоркам падае барометр.
Наплываюць хвалі спакваля.
У вятрах,
у клубах пылу,
ў громе
страпянецца чэрствая зямля.

Скокам-бокам – кінецца, як заяц,
застукоча ў шыбы спорны дождж.
I адрэжа хмар цяжкі акраец
кожнай ніве

бліскавіцы нож.


Падстаўляй далоні вадаспаду,
слова цёплае сябрам скажы:
– Хай для нас
па нашаму нараду
смаліць сонца і шумяць дажджы!..

1948



Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с.

Падобныя старонкі

творы/анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-лета.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki