Аляксей Пысін — Не адчувае лес зямлі...

Не адчувае лес зямлі –
Зімою лес бліжэй да неба.
Спяваюць белыя чмялі
Аб тым, што кветак ім не трэба.
З вятрамі, з хмарай снегавой
Сасна птушыная ў палёце.
Спяць кажаны ўніз галавой
Насуперак зямной прыродзе.

Зямля замерзлая – як дом,
Хавае ўсё, чым жыць павінны,
І свеціць блізкім аганьком
Пад лёдам ягадка каліны.

Падобныя старонкі